20 красавіка адбудзецца свята «Сакавіны-2017»

Да гэтай падзеі раённая бібліятэка падрыхтавала кніжную выставу “Госці Сакавін-2017”.

Раздзелы выставы знаёмяць з творчасцю чаканых на юбілейныя Сакавіны людзей.
Першы раздзел, як і належыць, прысвечаны галоўнаму герою свята – Уладзіміру Мазго. Тут прадстаўлены не толькі яго кнігі, але і бібліяграфічны даведнік “Вытокі слова Уладзіміра Мазго”, які падрыхтавалі работнікі бібліятэкі.

Другі раздзел прапануе паэтычныя зборнікі Навума Гальпяровіча. Думаецца, што гэтае імя знаёма многім: палачанін Гальпяровіч не толькі паэт і празаік, ён – галоўны дырэктар міжнароднага радыё “Беларусь” (дарэчы, пэўны час на гэтым радыё працавала і наша зямлячка Наталля Сітко). Перадачы радыё, напэўна ж, слухаюць аматары радыёвяшчання. А прыхільнікі тэлевізійных пра-грам прыгадаюць перадачы першага канала “Зямля, што нам дадзена лёсам”, якія больш чым сем гадоў прапануе Навум Якаўлевіч.

Наступныя раздзелы выставы прысвечаны творчасці Зіновія Прыгодзіча і Алены Стэльмах. Зіновій Кірылавіч шмат увагі ўдзяляе знаёмству беларусаў з вядомымі людзьмі рэспублікі. Яго гутаркі-эсэ, гутаркі-партрэты, гутаркі-нарысы склалі трохтомнік пад агульнай назвай “Постаці”. Дзве кнігі з іх ёсць у фондзе бібліятэкі і прадстаўлены на выставе. Герояў іх цяжка пералічыць – лепш пагартаць зборнікі каля выставы і адшукаць матэрыял пра тых, чый лёс найбольш вас зацікавіць. Упэўнены, з захапленнем прачытаўшы нешта адно, папросіце кнігу для больш удумлівага прачытання. Узяць хоць бы інтэрв’ю з Валерыем Анісенка, лаўрэатам дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” і, што немалаважна для гэтага года, – кавалерам ордэна Францыска Скарыны. Сёлетнія Сакавіны якраз і задуманы як сустрэча зэльвенцаў з уладальнікамі медалёў ці ордэнаў Францыска Скарыны. Скарыніч – сам наш зямляк Уладзімір Мазго, а таксама Навум Гальпяровіч і, як бачым, са Скарынічам знаёміць нас і Зіновій Прыгодзіч.

Журналістка і пісьменніца Алена Стэльмах – вялікая аматарка прыроды. Нездарма яна да нядаўняга часу ўзначальвала экалагічны часопіс “Родная прырода”. Шмат часу ўдзяляе арга-нізатарскай і адміністрацыйнай рабоце. Яна намеснік старшыні мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і першы намеснік старшыні рэспубліканскага СПБ.
Вось якія выбітныя людзі стануць гасцямі Сакавін-2017. Знаёмцеся з іх творамі яшчэ да сустрэчы!
Яніна Шматко.

0