Як князеўскія школьнікі здавалі экзамен па правілах бяспекі

Працягам прафілактычнай работы па правілах бяспечных паводзін у Князеўскай сярэдняй школе стала наведванне вучнямі 3, 5 і 6 класаў Цэнтра бяспекі МНС у Лідзе.

Гасцінна сустрэў нас супрацоўнік вядомай на ўсю Беларусь установы лейтэнант Дзмітрый Мельнічэнка, які і правёў практычныя заняткі. Знаёмімся з пляцоўкай па правілах дарожнага руху, якая ўяўляе сабой сучасны горад. Рабятам неабходна адказаць на пытанні па тэме, знай-сці парушальнікаў правіл і патлумачыць, чаму так нельга рабіць. Уразіла багацце абсталявання і афармленне пакоя, коль касць знакаў і макетаў. Праз пятнаццаць хвілін мы апынуліся на гарадскім пляжы. Тут дзецям трэба выратаваць чалавека, які тоне, выбраць правільны адказ у тэсце па правілах паводзін на вадзе. Прыйшлося падумаць. А вось мы ўжо ў лесе. Прыселі на зручныя пянькі-крэслы і глядзім мультыплікацыйны фільм пра наведвальнікаў лесу, даём каментырыі правільнасці іх учынкаў, аналізуем і запамінаем правілы паводзін. Праз некалькі хвілін вучні пасля падрабязнага інструктажу аказваюць першую дапамогу чалавеку, які папярхнуўся і моцна закашляўся. Справіліся ўсе. Затым нас чакаў пакой, дзе мы сустрэліся з усімі электра- і газапрыборамі, даведаліся, як не дапусціць небяспечнай сітуацыі ці як справіцца з ёю. Пабывалі і ў пакоі з асобнымі кабінкамі, дзе вучні павінны былі пазваніць у службу выратавання і далажыць аб пэўным здарэнні. З хваляваннем, але якасна, дзеці спраўляліся з заданнем. Самым адказным выпрабаваннем стала арыентаванне ў задымленым памяшканні, дзе патрэбна было знайсці выйсце з пакоя, не згубіць сябра і не страціць прытомнасць. І зноў – выдатна, эмоцый – шквал! На развітанне школьнікі павінны былі даказаць, што на працягу ўсіх практычных заняткаў слухалі ўважліва: неабходна было здаць заліковы тэст. Кожны каля свайго камп’ютара. За працу! Вынік – 5 з 5. Цудоўна! З новымі ведамі і ўражаннямі працягваем экскурсію.

Наступны прыпынак – Лідскі замак. Незвычайная архітэктура, моцныя сцены, байніцы, драўляны вялікі мост, карабель пад мачтай, лукі і арбалеты – усё гэта дзеці ўбачылі на свае вочы.

Завіталі мы і ў касцёл Святой Сям’і ў Лідзе. Рабяты заўважылі адметнасць пабудовы ў параўнанні з замкам, адзначылі ўрачыстасць і велічнасць храма. Пазнаёміліся з ксяндзом Юзафам, разам паспявалі і памаліліся, а на развітанне атрымалі салодкія падарункі.

Дарога дамоў была багатай на ўспаміны і ўражанні. Вучні вярталіся задаволеныя і фізічна, і духоўна. Але самае галоўнае: дзеці набылі новыя веды і адпрацавалі практычныя навыкі. Раім і вам пабываць у Цэнтры бяспекі МНС.

Класныя кіраўнікі 5 класа Антаніна Скуба і 3 класа Людміла Лудзіч

0