Чаму ў Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі тры імені? А вось цяглевіцкія вучні, павандраваўшы па Іўеўшчыне, цяпер ведаюць

Захапляльная экскурсія у партызанскі край (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці) паслужыла для вучняў 2-8 класаў Цяглевіцкага дзіцячага сада-базавай школы адкрыццём месячніку патрыятызму.

Першым прыпынкам экскурсіі стаў музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. Тут у 1746 годдзе нарадзіўся Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка, сапраўдны сын беларускай зямлі, а таксама нацыянальны герой Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі. Вучні адразу пацікавіліся ў экскурсавода, чаму аднаму чалавеку далі аж тры імені. Аказалася, што хлопчык нарадзіўся вельмі слабым, таму бацькі далі яму імёны ўсіх святых таго дня, калі ён з’явіўся на свет.

Асабліва спадабалася дзецям экспазіцыя падвальнага памяшкання, бо захавалася яно ў арыгінальным выглядзе часоў ХVІІІ стагоддзя. Музей-сядзіба з’яўляецца часткай Косаўскага палаца-паркавага ансамблю. І навучэнцы накіраваліся ў палац Пуслоўскіх. Трэба адзначыць, што гэта адзіны архітэктурны помнік 19 стагоддзя нэагатычнага стылю, які захаваўся ў Беларусі. Палац уваходзіць у пералік аб’ектаў рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Ён уражвае веліччу і прыгажосцю. Набліжаючыся да гмаха, кожны адчуваў подых гісторыі: уяўляліся галантныя кавалеры і вытанчаныя дамы ў шыкоўных уборах, паркі і скверы з садоўнікамі, фантаны.

Наступным прыпынкам стаў Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Як патлумачыла нам экскурсавод, пастаяннай экспазіцыі ў музеі няма. Там ладзяцца выставы мастакоў, майстар-класы, фотавыставы, афармляюцца часовыя экспазіцыі. Адна з іх прысвечана 100-годдзю з Дня ўтварэння БССР. Тут дзяцей асабліва ўразіла самая звычайная (на першы погляд) лінейка. У часы польскай школы гэтай рэччу “ўбівалі” дзецям навуку: за беларускае слова ёю білі па руках. Вучняў вельмі ўразіў той факт, што настаўнікаў за такія адносіны да дзяцей не толькі не наказвалі, але і хвалілі. Адна з залаў музея прысвечана савецкай эпохе. Імправізаваная вітрына магазіна, вугалок піянерыі, школьны вугалок, дзявочы будуар, цацкі – усё расказвала дзецям аб жыцці іх бацькоў у СССР.  Маецца ў музеі матэрыял, прысвечаны піянеру-герою Колі Гойшыку, які загінуў пры выкананні баявога задання ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Цікавейшай часткай музея з’яўляецца яго філіял, размешчаны ў трыццаці кіламетрах ад г.Івацэвічы, – мемарыяльны комплекс «Хаваншчына» ў лясным урочышчы каля вёскі Корачын, дзе базіраваўся Штаб партызанскага злучэння Брэсцкай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. “Хаваншчына” – адзіны ў Беларусі мемарыяльны комплекс партызанскай славы. Яго размяшчэнне вельмі ўдалае: на невялікім астраўку ў лясной глушы, на які, як і ў ваенны час, вядзе адна-адзіная кладка. За ўвесь час акупацыі ні немцам, ні іх служкам паліцаям не ўдалося адшукаць партызанскі атрад. Комплекс уключае ў сябе дзве зямлянкі і чатыры домікі: штаб партызанскага злучэння, рэдакцыя газеты “Зара”, абком камсамола, санчастка, “лясная школа”.

Усе гэтыя аб’екты вучні наведалі ў час квэст-экскурсіі “Разведка шукае партызанскага Дзеда Мароза”. І малодшыя, і старэйшыя школьнікі з задавальненнем выконвалі заданні разведчыцы бабы Раі: складалі сакрэтную шыфраграму, дастаўлялі ў штаб навагодні зварот урада, спявалі песні ў лясной школе, шукалі партызанскага Дзеда Мароза. Кожны прыпынак экскурсіі суправаджаўся цікавай гісторыяй аб жыцці і дзейнасці партызан, аб подзвігах простых вяскоўцаў, аб іх адданасці Радзіме ў імя яе незалежнасці. Адшукаўшы Дзеда Мароза, неабходна было выканаць яго заданні. Самае цікавае з іх – упрыгожыць елку цацкамі ваеннай эпохі: зорачкі і самалёты з паперы, парашутысты з тканіны, гірлянды з гільзаў. Напрыканцы квэсту стомленых, але задаволеных дзяцей чакала сапраўдная салдацкая каша.

На тэрыторыі комплекса расце дуб, які стаў сведкам ваенных падзей. Для ўсіх наведвальнікаў “Хаваншчыны” ён стаў сімвалам міру. Кожны, хто дакранаецца да векавога дрэва, загадвае адно і тое ж: “Каб нідзе і ніколі не было вайны”.

Святлана Крупіч

0