У Міжэрыцкай школе адбылася сустрэча з паэтам-земляком Аляксеем Галаскокам

Кожны год ураджэнец в. Талалайкі А.П.Галаскок, зараз жыхар г.Ганцавічы, прыязджае на радзіму, каб наведаць магілы продкаў. Ведаючы пра гэта, бібліятэкары стараюцца арганізаваць сустрэчы з ім, бо паэтычнае слова Аляксея Пятровіча даўно стала любімым для аматараў літаратуры. Сёлета, у год 70-гадовага юбілею вайскоўца-паэта, такая сустрэча адбылася ў Міжэрыцкай школе.

Рыхтуючыся да яе, бібліятэкары перагарнулі шмат кніжных старонак і, вядома, “запрасілі” інтэрнэт. І той выдаў ім вердыкт: Аляксей Пятровіч – ганцаўчанін. Таму намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай біб- ліятэкі Марына Кніга адразу запытала госця: “Ганцаўчане выдаюць Вас за свайго, а нам крыўдна, бо лічым Вас зэльвенцам. А кім найбольш лічыце Вы сябе?”. Аляксей Пятровіч усміхнуўся і адказаў: “А я і ёсць зэльвенец і ганцаўчанін. На Зэльвеншчыне нарадзіўся, тут рос і вучыўся ў школе, сюды заўсёды прыязджаў і прыязджаю. А паколькі з пачатку 90-х гадоў жыву ў Ганцавічах, то і там карані пусціў. Там мая цешча, дачушка з сям’ёю, мы з жонкай. Так што не крыўдуйце. Гэта жыццё, і я дзякую Богу, што патрэбны і на сваёй бацькаўшчыне, і на бацькаўшчыне дарагой маёй Ларысы Іванаўны”.

Калектыў Міжэрыцкага сада-школы на чале з дырэктарам С.А.Бандарэнка ветліва сустракаў гасцей. Бібліятэкары Зэльвенскай раённай, Міжэрыцкай і Каралінскай сельскіх бібліятэк планавалі, што спачатку Аляксей Пятровіч пагаворыць з навучэнцамі школы, а потым – з дарослымі чытачамі. Але дзяцей так зацікавіла размова з гаваркім і вясёлым паэтам, што яны разышліся амаль разам з дарослымі. І тут няма нічога дзіўнага. Маючы чатырох унукаў, Аляксей Пятровіч умее размаўляць з дзецьмі. Ён прысвяціў ім нямала вершаў, казак і загадак. З ім і знаёміў міжэрыцкіх школьнікаў. Для дзяцей у Галаскока два зборнікі: “Суд над сарокай” (два выданні) і “Гаманлівы ручаёк”. Сыплючы жартамі і загадкамі, паэт выпрабоўваў дзяцей на кемлівасць і веданне роднай мовы. Было бачна, што хлапчукам вельмі імпанаваў пачатак размовы Аляксея Пятровіча: вядомы ў рэспубліцы чалавек знаёміўся з імі, як з дарослымі, кожнаму паціскаючы руку. А яшчэ спрабаваў вызначыць іх натуру: хто гарэза, хто разважлівы, хто гаварун, а хто маўчун. (Здаецца, не памыляўся, бо дзеці не пярэчылі). Сярод дзяўчынак пастараўся адгадаць будучых фотамадэляў.

Ахвотна адказваў госць і на пытанні дзяцей: калі пачаў пісаць, які быў першы верш, колькі кніг выдана, дзе вучыўся і г.д. З вялікай павагай і ўдзячнасцю згадваў настаўніцу- філолага Зэльвенскай СШ Таісію Іванаўну Лагунову, якая прывіла яму любоў да літаратуры, дапамагала ўдасканальваць першыя вершы. Шмат цёплых слоў пачулі прысутныя пра Міжэрычы і наваколле, вялікі род Галаскокаў і Ляскевічаў. У в.Талалайкі жыла радня па бацьку, у Косцевічах – па маці.

У Міжэрыцкай царкве вянчаліся бацькі паэта, потым тут хрысцілі траіх сваіх дзяцей. На міжэрыцкіх могілках пахаваны Галаскокі, на косцевіцкіх – радня матулі. (Дарэчы, у адзін са сваіх прыездаў на бацькаўшчыну Аляксей Пятровіч даведаўся гады жыцця дзядулі і бабулі Галаскокаў, а потым арганізаваў усіх унукаў на замену старых помнікаў). Незабыўным продкам Аляксей Пятровіч прысвяціў вершы “Талалайкі”, “Як волат, дзед стаяў ля хаты”, “Каб мне ізноў па горненскай дарозе”, “Адкуль наш род”, “Мае дзяды”.

Расказ госця пра сябе і род Галаскокаў-Ляскевічаў дапаўняўся відэапаказам, за які былі адказныя супрацоўнікі раённай бібліятэкі Марына Кніга і Вольга Камякевіч. А вялі імпрэзу сельскія бібліятэкары Таццяна Міхута і Ірына Марцінчык. Усе яны пастараліся, каб удзельнікі сустрэчы не толькі пабачылі шэраг фотаздымкаў, але і пачулі песні на словы госця. Іх нямала, а “Палешукі” і “Берасцейская зямля” сталі візітнымі карткамі Ганцавіцкага раёна.

Ініцыятыўны Аляксей Пятровіч без справы не сядзіць ніколі. Ён узначальвае літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце, часта выступае ў бібліятэках, школах і садках. А нядаўна арганізаваў незвычайную экспазіцыю ў Ганцавіцкім краязнаўчым музеі. Неяк уба- чыў неблагія малюнкі былога, як і сам, вайскоўца, і здзівіўся: вельмі ж пасавалі яны да яго вершаў пра Беларусь. Прапанаваў аб’яднацца, назваць выставу так, як і адзін з яго зборнікаў: “Беларусь мая родная, мілая”. Загадчыца музея не проста падтрымала ідэю Галаскока – яна прапанавала эпіграфам да яе непераўзыйдзеныя словы Леанарда да Вінчы: “Жывапіс– гэта паэзія, якую бачаць, а паэзія – гэта жывапіс, які чуюць”. І адбыўся цуд: напісаныя асобна вершы і карціны, аб’яднаныя ў экспазіцыі, сталі адным цэлым. Выстава, ды яшчэ прымеркаваная да Дня абаронцаў Айчыны, мела такі рэзананс, што давялося былым воінам-творцам – ракетчыку Аляксею Галаскоку і мараку Івану Караленку – ехаць з ёю ў суседні Лунінецкі раён.

Нядаўна паэт прыняў удзел у конкурсе “Бацькаўшчына светлая мая” і стаў адным з лаўрэатаў. Так што хутка ў “Маладосці” прачытаем верш Галаскока пра радзіму. Цікавым атрымалася інтэрв’ю для радыёслухачоў, прынятае па тэлефоне з берага рачулкі, дзе паэт-рыбак сядзеў з вудай. (Шкада, што мала зараз радыёкропак, і не так шмат людзей чула гэтае інтэрв’ю).

А некалькі гадоў таму адна з аматарак паэзіі Галаскока пазнаёміла з яго творчасцю вядомага пісьменніка-літаратуразнаўцу, акадэміка Уладзіміра Гніламёдава. І той не ўтрымаўся, даслаў паэту ліст-захапленне, у якім пісаў: “Вы – выдатны паэт, кажу гэта без перабольшанняў і кампліментаў, а так, як яно ёсць…, такі, якім павінен быць паэт – жывы, сучасны, шчыры ў сваіх думках і пачуццях”.

Калі вядучыя папрасілі сказаць сваё слова пра мужа Ларысу Іванаўну, яна не стала ідэалізіраваць свайго спадарожніка: “Ён розны, як і ўсе мы. Любіць жартаваць, а людзі часам не разумеюць, крыўдзяцца. Жыццё ў нас было складанае. Ён як афіцэр заўсёды заняты на службе, для сям’і заставалася мала часу. Але ж дзяцей выхоўвае прыклад бацькоў. А Аляксей Пят- ровіч, сумленна ставячыся да службовых абавязкаў, клапатліва адносячыся да салдат, гэтым самым і ў дзяцей выхоўваў адказнасць, чалавечнасць. На ўнукаў у яго ўжо больш часу, таму і вершаў пра іх у яго нямала. Прысвячаў вершы і мне. Самы мой любімы – “Дробны дождж…” І нават зборнік “Беларусь мая родная, мілая” мне прысвяціў, так што крыўдаваць не выпадае”.

І бібліятэкары, і ўдзельнікі імпрэзы дзівіліся, як змог Галаскок у рускамоўным асяроддзі не страціць таго, чым валодалі дзяды і бацькі. “Таму і не страціў, што любіў і люблю Беларусь, свой род, ганаруся, што я – беларус. А які ты беларус, калі страціў асноўную сваю адметнасць – мову?!” – адказаў паэт.

6 чэрвеня Аляксей Пятровіч Галаскок адзначыць свой 70-гадовы юбілей. Не забудзьце, дарагія зэльвенцы, пажадаць гэтаму светламу чалавеку здароўя і поспехаў у сямейным і творчым жыцці. І, вядома, яшчэ не адной сустрэчы на бацькаўшчыне!

Яніна Шматко

0