Марыя Бяляўская – лепшы экскурсавод па рэспубліканскай выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці

Ці даводзілася вам бываць у НДААЦ “Зубраня”? Мне – пашчасціла. Праўда, я была там не дзеля адпачынку. У час вясновых канікул у лагеры ладзілася рэспубліканская выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў рамках рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі”. Сярод трох удзельнікаў ад Гродзенскай воблаці аказалася і я.

Здаўна вядома, што беларуская зямля багата на таленты. І наша Зэльвеншчына не выключэнне. Штосьці з таго, чым займаліся нашы продкі, адышло ў нябыт, а штосьці, дзякуючы апантаным і неабыякавым людзям, удаецца адрадзіць. Як, напрыклад, выраб рэчаў з гліны – свісцёлак, адмінак, сальнічак, гладышыкаў. Што толькі не з’яўляецца з-пад таленавітых рук Сяргея Анатольевіча Худзяева! Ён не толькі сам авалодаў гэтай справай, але і нас, дзяцей, заахвоціў да яе. Канешне, спачатку не ўсё атрымлівалася. Але дзякуючы захапленню ўрэшце я нават трапіла на конкурс.

Яго ўдзельнікам патрэбна было прадставіць 10 творчых работ і цікава расказаць пра сваё захапленне. У выніку ў конкурсе экскурсаводаў па рэспубліканскай выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці я перамагла.

Канікулы, якія я правяла ў “Зубраняці”, праляцелі адным імгненнем, бо арганізатары паклапаціліся аб тым, каб нам было цікава. Экскурсіі, майстар-класы, конкурсы, дыскатэкі, музычныя гадзіны, зборы каля вогнішча – вось няпоўны пералік мерапрыемстваў, што праходзілі там. Усе мы атрымлівалі асалоду ад рэальных зносін з аднагодкамі, забыўшы пра свае гаджэты.

За тыдзень знаходжання ў “Зубраняці” мы сталі сапраўднымі сябрамі і будзем падтрымліваць сувязь і надалей, хаця б у сацыяльных сетках.

Так прайшлі мае вясновыя канікулы. А вашы? Прапаную падзяліцца цікавымі аповедамі на старонках газеты.

Марыя БЯЛЯЎСКАЯ

0