Гімназія №1 гарадскога пасёлка Зэльва прапануе платныя паслугі



Вучні і бацькі гімназіі №1 г.п. Зэльва дадатковыя платныя паслугі могуць заказаць праз інтэрнэт.

– Сучасныя школьнікі – рознабакова развітыя. Некаторыя з нашых вучняў не абмяжоўваюцца школьнай праграмай, а імкнуцца атрымаць як мага больш ведаў, – каментуе дырэктар гімназіі №1
г.п. Зэльва Алена Мулярчык. – Задаволіць запыты гімназістаў дапамагаюць дадатковыя платныя паслугі. Каб запісаць дзіця на такія заняткі, бацькам не абавязкова прыходзіць у школу. Гэта можна зрабіць літаральна за некалькі хвілін праз інтэрнэт.

Карэспандэнт “Працы” пратэсціравала прапанаваную ўстановай адукацыі сістэму і паспрабавала запоўніць анлайн-заяўку.
З пералікам дадатковых платных паслуг можна пазнаёміцца на сайце гімназіі ў раз- дзеле “Платныя паслугі”. Вытворчым планам установы прадугледжаны дадатковыя адукацыйныя паслугі па вучэбных прадметах, падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання, заняткі па фітнесе і навучанне модульнаму арыгамі…

Тут жа можна пазнаёміцца з іх коштам. Групавы занятак (працягласцю адна акадэмічная гадзіна) каштуе 3 рублі, індывідуальны (на 1 чалавека за 1 акадэмічную гадзіну) абыдзецца даражэй – 13 рублёў. Аматары фітнесу за адзін “візіт” заплацяць 2 рублі.

Ва ўстанове дзейнічае сістэма зніжак. Напрыклад, дзеці са шматдзетных сем’яў кожны пяты занятак па фітнесе наведваюць бясплатна. На паслугі трэнажораў таксама дзейнічае зніжка – за 8 рублёў можна набыць абанемент на месяц.

– Што датычыцца дадатковых адукацыйных паслуг, то ў нашай установе яны аказваюцца зверх базавага кампанента, – адзначае дырэктар. – Яны не дублююць змест праграмы і садзейнічаюць індывідуальнаму запыту кожнага вучня.

Запісаць сына ці дачку на такія заняткі можна і анлайн. Пры гэтым нават прадастаўляецца магчымасць выбару педагога і зручнага часу для наведвання.

Калі заяўка будзе апрацавана, бацькам патэлефануюць, каб узгадніць усе нюансы.

Дарэчы, вытворчы план установы прапаноўвае паслугі не толькі для школьнікаў, але і для дашкольнікаў.

– Ужо каторы год у нас дзейнічае школа развіцця будучага першакласніка «Умняшка», – расказвае Алена Мулярчык. – Групы штогод фарміруем у студзені. Заняткі праходзяць у гульнявой форме з удзелам педагогаў па розных прадметах – інфарматыцы, англійскай мове, фізіцы, хіміі і г.д. Адно наведванне каштуе 7,5 рубля.

Гімназія прапаноўвае бацькам дашкольнікаў і іншыя платныя паслугі. Так дзіця ва ўзросце ад 5 да 6 гадоў можна запісаць на заняткі па замежнай мове. Групы фарміруюцца па 10-12 чалавек. Ва ўстанове таксама працуе (па запатрабаванні) група кароткачасовага знаходжання дзяцей-дашкольнікаў. Бацькі могуць пакінуць тут дзіця на некалькі гадзін і займацца сваімі справамі. Кошт таксама залежыць ад формы занятку – групавой ці індывідуальнай.

У гімназіі дзейнічае спектр платных паслуг і для дарослых людзей. Гэта навучанне замежнай мове, пераклад тэкстаў, распрацоўка лагатыпаў, банераў і інш. На гэтым спіс паслуг не заканчваецца: у зэльвенцаў ёсць магчымасць прайсці навучанне фінансавай грамаце, рабоце з электроннымі табліцамі MS Excel, атрымаць першапачатковыя камп’ютарныя навыкі. Аматарам актыўнага ладу жыцця прапаноўваюць пракат спартыўнага інвентару.

– Самыя запатрабаваныя паслугі з гэтай катэгорыі – стварэнне сайтаў, блогаў і іх суправаджэнне, – адзначае дырэктар.
Вяртаючыся да тэмы навучання гімназістаў, адзначым той факт, што ва ўстанове створана свая бізнес-кампанія «Святочнае агенцтва «Fresh-ідэя». Асноўная мэта дзейнасці агенцтва – развіццё моладзевага прадпрымальніцтва, наватарства, засваенне практычных навыкаў вядзення бізнес-праектаў, садзейнічанне прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў.

Бізнес-кампанія займаецца арганізацыяй дзіцячых святаў, распрацоўкай сцэнарыяў мерапрыемстваў, арганізацыяй гульнявых квэстаў, фота- і відэасуправаджэннем свят, вырабам сувеніраў, фотакалендароў, памятнай сувенірнай прадукцыі; ўпакоўкай і афармленнем падарункаў, ўпрыгожваннем памяшканняў да святаў.

– Нядаўна наша агенцтва ўдзельнічала ў абластным фестывалі навучальных бізнес-кампаній, – працягвае Алена Віктараўна. – Гімназісты прадстаўлялі на форуме розныя дадатковыя паслугі, што можна атрымаць у нашай установе. У выніку наша каманда ўзнагароджана спецыяльным дыпломам у намінацыі “Лепшая прэзентацыя бізнес-кампаніі”.

Знайсці варыянты для атрымання новых або дадатковых ведаў у гарадскім пасёлку рэальна. Больш таго – даступна. Галоўнае ў гэтай, як і многіх другіх справах, – жаданне.

Источник: Zelwa.by

0