Выстаўка “Чароўная гліна” дзейнічае ў народным музеі “Светач”

“Цуды прыроды” – менавіта пад такой назвай кіраўнік і экскурсаводы народнага музея “Светач” падрыхтавалі завочнае падарожжа для навучэнцаў СШ №3.

Мерапрыемства пачынаецца гутаркай і праглядам прэзентацыі “Камяні як цуд”. Здаецца, што цікавага можа быць у камянях? Маленькія, вялікія, велізарныя, яны паўсюдна сустракаюцца на тэрыторыі раёна.

Падчас завочнага падарожжа экскурсаводы засяродзілі ўвагу на валунах Зэльвеншчыны, якія маюць гістарычную каштоўнасць. Гэта вялікі камень Пасуціцкі, які адлюстроўвае асноўны накірунак руху ледавіка, Закалонскі валун з ямкамі, камень каля вёскі Клімавічы.

Экспазіцыя школьнага музея “Каменныя дзівосы” уражвае каменьчыкамі незвычайнай формы і экспанатам-сувенірам з надпісам на англійскай мове. Тут жа можна ўбачыць наканечнік кап’я з крэмнію, кавалак каменнай солі, камяні з адбіткамі рэшткаў раслін і ракавінкаў.

Выстава “Чароўная гліна”, якая працуе ў музеі з 25 студзеня, выклікала асаблівую цікавасць тым, што большая частка вырабаў, прапанаваных наведвальнікам, зроблена навучэнцамі нашай установы. Вучні займаюцца апрацоўкай гліны ў аб’яднанні па інтарэсах пад кіраўніцтвам Веранікі Жамойцінай. Маленькія мастакі Каліноўская Дар’я, Кудзелька Маргарыта, Жарнова Святлана, Жамойцін Іван, Івановы Дар’я і Юлія, Сідорык Раман выставілі свае лепшыя работы. Кіраўнік музея Лілія Сідорка паказала посуд гаспадарчага прызначэння ганчароў: гладыш, слоік, кубак і расказала пра нарыхтоўку і падрыхтоўку гліны, асобныя стадыі яе апрацоўкі.

Школьнікі пакідалі пакой музея са словамі падзякі, уражаныя асобнымі лічбамі, фактамі і цікавымі звесткамі.

А. ФЁДАРАВА

0