Творча і рознабакова. Як выхоўваюць дзяцей ў яслях-садзе №3 гарадскога пасёлка Зэльва


Сёння немагчыма ўявіць вуліцы мікрараёна “Паўночны” без дзіцячага гоману. Менавіта гэтую частку гарадскога пасёлка можна назваць самай “маладой”: новае жыллё, побач – школа і дзіцячы сад, адзіны на ўсю Зэльву супермаркет – гэтыя выгоды прыцягнулі для ПМЖ не адну маладую сям’ю.

Што датычыцца самых маленькіх жыхароў “Паўночнага”, то клопат аб іх на сябе ўзялі выхавальнікі ясляў-сада №3. На мінулым тыдні ва ўстанове дашкольнай адукацыі адбылася творчая справаздача, падчас якой не толькі прадстаўнікі аддзела адукацыі, але і бацькі дзяцей змаглі ацаніць узровень выхаванасці дзяцей.

Справаздача нездарма называлася творчай. Старэйшыя групы выхаванцаў прадставілі праграму амаль на цэлую гадзіну, за якую паспелі прадэманстраваць дэкламатарскія і харэаграфічныя здольнасці: выразна “цягнулі” радкі-прызнанні ў любові да Радзімы і нават, сінхронна размахваючы пампонамі, выканалі танец чэрлідзераў.

Як паведаміла падчас мерапрыемства намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Таццяна Траццяк, сёння ва ўстанове функцыянуюць 4 узроставыя групы. Іх наведваюць 68 дзяцей. Адукацыйны працэс, які, дарэчы, вядзецца выключна на беларускай мове, ажыццяўляюць 11 педагогаў.

Калектыў дашкольнай установы рэгулярна прымае ўдзел у раённых аглядах і конкурсах.

– Напрыклад, сёлета сям’я адной з нашых вахаванак – Карыны Матах – стала пераможцам раённага конкурсу “Сям’я года – 2019”. Акрамя таго, педагогі ўстановы ўдзельнічалі ў абласным фестывалі “Дашкольная адукацыя – інвестыцыі ў будучае”. Наш малады спецыяліст Вераніка Барысевіч прыняла ўдзел у фестывалі педагагічных ідэй “Прызванне – педагог”, – адзначыла Таццяна Траццяк. – Выхаванцы садка неаднаразова займалі прызавыя месцы ў самых розных раённых конкурсах.

Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці паведаміла, што на працягу апошніх гадоў платнымі адукацыйнымі паслугамі ахоплены 100% дзяцей дашкольнага ўзросту ад 4 да 6 гадоў. Штогод установа выконвае даведзеныя паказчыкі па пазабюджэтнай дзейнасці, у тым ліку і па платных адукацыйных паслугах. За бягучы перыяд 2019 года план выкананы на 296%.

– Дадзеная дзейнасць дазваляе нам развіваць эканамічную самастойнасць. Атрыманыя сродкі былі накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, абслугоўванне абсталявання, бягучы рамонт і інш. Напрыклад, за апошнія гады мы змаглі самастойна замяніць 77 м2 лінолеума і 11 вокнаў, – расказала яна.

Ва ўстанове наладжаны вытворчы кантроль за арганізацыяй харчавання. Без парушэняў працуе бракіражная камісія.

– Для састаўлення меню выкарыстоўваецца электронная праграма, якая дазваляе кантраляваць адпаведнасць рацыёну ўстаноўленым грашовым нормам, – паведаміла Таццяна Іванаўна. – Дарэчы, у гэтым навучальным годзе для 4 выхаванцаў арганізавана дыетычнае харчаванне.

Каб павысіць ахоп дзяцей мікрараёна дашкольнай адукацыяй, вывучаюцца запыты бацькоў і ўкараняюцца ў практыку новыя формы работы. Найбольш запатрабаваныя – прагулачныя і адаптацыйныя групы: бацькам дазваляецца праводзіць з дзецьмі пэўны час у садку і на яго тэрыторыі.

У цэлым аддзел адукацыі станоўча ацаніў работу калектыву ясляў-сада №3. Наступная творчая справаздача ўстановы адбудзецца праз 5 гадоў.

Источник: Zelwa.by

Both comments and pings are currently closed.

Comments are closed.

257 просмотров