Дзень дзяцінства ў ан-лайн фармаце

Набліжаецца адзін з даўгачаканых і любімых усімі дзецьмі (і нават дарослымі) дзень – 1 чэрвеня. Дзень, калі  начынаецца лета, а з ім – час на новыя знаёмствы, новыя адкрыцці, новыя ўражанні.
Штогод у гэты дзень па ўсёй краіне дарослыя ладзяць разнастайныя мерапрыемствы для маленькіх дзяўчынак і хлопчыкаў, ствараюць сапраўднае свята Дзяцінства. У гэтым годзе ў Зэльвенскім раёне мерапрыемствы пройдуць у новым, але ўжо даволі папулярным ан-лайн фармаце.
Педагогі дзяржаўнай установы адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г.п. Зэльва” падрыхтавалі шмат цікавых прапаноў як весела і карысна сустрэць Дзень дзяцінства. А пачнецца святкаванне ў 11.00, калі на галоўнай старонцы сайта ЦТДі М г.п. Зэльва будзе актывізаваны банэр #Дзень_дзяцінства_разам#.
Усе ахвотныя змогуць далучыцца да святочнага ан-лайн марафону.
Сваімі ўсмешкамі і прывітаннямі лета дзеці змогуць падзяліцца ў рамках чэленджа “Прывітанне, лета!”.
Маленькія эрудыты змогуць праверыць свае веды ў ан-лайн віктарыне “Тэрыторыя дзяцінства” і медыяазбуцы “Горад майго дзяцінства” (дарэчы, азбука прысвечана 80-годдзю ўтварэння Зэльвенскага раёна).
Юных спевакоў і ўвогуле ўсіх аматараў спеваў запросяць далучыцца да караоке-марафону дзіцячых песень, а тым, хто не можа сядзець склаўшы рукі, а ўвесь час цягнецца да hand-made творчасці, прапануюць наведаць віртуальную творчую лабараторыю “Дома не сумна!”.
Ну і, канешне, што за свята без фотаздымкаў! Фотакросінг у сацыяльнай сетцы “Укантакце” “Колесим туристскими маршрутами” заахвоціць да падарожжаў па маленькай радзіме.
Дарэчы, для аматараў падарожаў і роднай гісторыі арганізатары падрыхтавалі і віртуальную экскурсію “Зорачка на карце раёна”.
Спадзяемся, што новы фармат правядзення Дня Дзяцінства прыцягне яшчэ больш удзельнікаў, чым у мінулыя гады. А мы запрашаем на марафон не толькі маленькіх зэльвенцаў, але і ўсіх тых, хто нават праз доўгія гады ў душы застаецца маленькім хлопчыкам ці дзяўчынкай.

Аўтар тэксту: Цярэшчанка Алена Юр’еўна, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г.п.Зэльва»
тэл. 8-01564-24119