Вучні дзярэчынскай школы наведалі музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

На вясновых канікулах вучні Дзярэчынскага дзіцячага сада-сярэдняй школы пабывалі на экскурсіі ў горадзе-героі Мінску.

У год святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны набыло асаблівую актуальнасць. Экскурсавод правяла нас “дарогамі вайны”, дзе мы бачылі і танкі, і гарматы, і самалёты, і славутую “Кацюшу”. Адна з экспазіцый, прысвечаная абароне Брэсцкай крэпасці, на нашых вачах ажыла: камандзір аддае загады, радыст выстуквае шыфроўку, і раптам узрыў… воблака дыму… полымя…

На свае вочы мы ўбачылі “зялёную школу”, у якой вучыліся дзеці партызанаў, даведаліся, як народныя мсціўцы самі выраблялі зброю, аналагаў якой няма. Да мурашак прабіраў расказ экскурсавода пра лагер смерці “Трасцянец”, пра карныя экспедыцыі гітлераўцаў. “Дарога вайны” прывяла нас у Залу Перамогі пад празрыстым купалам. На сценах залы залатымі літарамі нанесены назвы ўсіх франтоў, партызанскіх брыгад, лётных эскадрыльяў, якія вызвалялі Беларусь.

Наведванне музея пакінула незабыўныя ўражанні, ажывіла памяць пра подзвіг нашага народа ў той страшнай вайне з фашызмам. Мы вельмі ўдзячны за арганізацыю паездкі нашаму спонсару – дзяржпрадпрыемству “Галынка” і яго дырэктару Уладзіміру Ючу.

Источник записи: zelwa.by

Both comments and pings are currently closed.

Comments are closed.

130 просмотров
Яндекс.Метрика